Міхал Клеафас Агінскі шмат падарожнічаў. Вось і супрацоўнікі музея-сядзібы знакамітага кампазітара вырашылі падтрымліваць гэтую добрую традыцыю. Але перш, чым выпраўляцца ў далекія краіны, патрэбна наведаць свае родныя мясціны, асабліва мясціны, звязаныя з гаспадаром залескай сядзібы.
І таму заканамерна, што адной з кропак падарожжа быў яшчэ адзін маёнтак М.К. Агінскага – Ганута. Маёнтак знаходзіцца на Вілейшчыне. На жаль, на сённяшні дзень нічога не захавалася ад велічнага палаца, які можна пабачыць на карціне Напалеона Орды. Захаваліся дзве каплічкі, якія ўпрыгожвалі ўваход на сядзібу і могілкі. Вандроўнікі, знаходзячыся на тым самым месцы, дзе знаходзілася непараўнальная па прыгажосці і велічы рэзідэнцыя роду Агінскіх( у свой час Ганута належыла розным прадстаўнікам роду Агінскіх і, вядома, Міхалу Клеафасу), пабудаваная знакамітым італьянскім архітэктарам Абрахамам Гену ў стылі позняга барока з элементамі формаў ракако, яскрава змаглі ўявіць прыгожы палац з прасторнай залай і балконам, на якім у часы правядзення асамблей і баляў іграў аркестр. І здавалася, што ціха-ціха гучыць музыка, напэўна гэтаму спрыяла непаўторная прыгажосць наваколля са светлай прыродай ціхай плыні Віліі, Нарачанкі і маленькай рачулкі Гануткі, дзякуючы якой, сядзіба і атрымала сваю назву. І стала зразумела, чаму гэтае месца, якое знаходзіцца ў 10 км. ад Залесся ўверх па Віліі так любіў Міхал Клеафас Агінскі. Нават не хацелася ад’язджаць, але ж наперадзе чакала яшчэ шмат цікавага, таму супрацоўнікі (з дазволу мясцовых жыхароў), выкапаўшы дрэўца бэзу, (кажуць, што ён яшчэ з тых часоў) выправіліся далей. На шляху наведалі царкву Успення Прасвятой Багародзіцы (1880), лазарэтныя могілкі ў лесе “Обоз”, дзе ў хвілінах цішыні кожны задумаўся пра вечнае.
А далей падарожнікаў ужо чакалі ў в. Заброддзе, Вілейскага раёна, на мемарыяльным комплексе памяці Першай сусветнай вайны. Барыс Барысавіч Цітовіч – цікавейшы чалавек, мастак, аматар гісторыі свайго роднага краю, цікава і прафесіянальна правеў экскурсію па экспазіцыі капліцы-музея. Дзякуючы яго аповеду, супрацоўнікі сядзібы сталі сведкамі трагічных падзей Першай сусветнай вайны. Таксама наведалі сад Памяці, ў якім маюцца дрэвы пасаджаныя В. Быкавым, А. Адамовічам і другімі знакамітымі людзьмі. Знаўцы і аматары тэхнікі змаглі атрымаць задавальненне ад экспазіцыі рэтрааўтамотатэхнікі.
Падарожжа атрымалася змястоўнае, цікавае, насычанае. Кожны змог вынесці для сябе нешта сваё, толькі яму неабходнае. Усе ўдзельнікі гэтага падарожжа былі згодны ў адным – у жаданні зрабіць такія экскурсіі традыцыйнымі для свайго калектыву. А, як успамін аб гэтай вандроўцы, на тэрыторыі сядзібы ў Залессі прыжылося дрэўца бэзу з Гануты…