19 мая ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага прайшла “Ноч музеяў – 2018”, якая была прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў. Упершыню сядзіба сустракала сваіх наведвальнікаў “ўначы” – праграма доўжылася амаль да трох гадзін раніцы. Пачалося мерапрыемства на адноўленых возеры і мастах. Пасля прывітальных слоў госці мелі магчымасць палюбавацца прыгажосцю залескай сядзібы Міхала Клеафаса. Разам з чароўнымі дамамі і галантнымі кавалерамі ўдзельнікі слухалі музыку і шпацыравалі ля возера. Далей супрацоўнікі запрасілі ў палац, дзе адбылася прэзентацыя выставы “Гісторыя роду Агінскіх у дакументах” з прыватнай калекцыі краязнаўцы і падарожніка з Польшчы Пятра Карвэцкага. Потым супрацоўнікі музея запрасілі ўсіх на інтэрактыўную экскурсію з элементамі квэста, пад час якой наведвальнікі змаглі акунуцца ў атмасферу салонаў і гасцёўняў часоў Міхала Клеафаса. У летняй аранжарэі кампазітара гасцей чакалі пранікненыя рамансы ў выкананні Тамары Нагаевай. У тэатральна-музычнай зале адбыўся экскурс у танцавальную культуру 19 ст.: Маргарыта Шаўцова і Дзмітрый Ракаў са сваімі сябрамі рэканструктарамі (студыя гістарычнага танца La Camargo) правялі майстар-клас па танцах. На працягу вечара гучала цудоўная музыка ў выкананні трыа камернай музыкі “Унісон”. Таксама госці змаглі наведаць і гульнёвы салон, дзе пагулялі ў рухомыя, інтэлектуальныя і настольныя гульні 19 ст.
Напрыканцы мерапрыемства супрацоўнікі сядзібы запрасілі ўсіх на экскурс у гісторыю аднаго прадмета, дзе расказалі пра гісторыю кандэлябраў. Закончылася мерапрыемства таксама сюрпрызам: госці змаглі ўбачыць што такое “халодныя” агні, і самыя актыўныя ўдзельнікі музейнай ночы атрымалі цудоўныя падарункі.