Падарожжа ў часе

У музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага адбылася паэтычная вечарына “На час Зямлі ў ХІХ стагоддзе”.

Шматлюдна было ў тэатральна-музычнай зале музея. Адчуць сябе падарожнікамі ў часе здолелі ўсе прысутныя, якіх часова апынуцца ў ХІХ стагоддзе запрасіла беларуская паэтэса, журналіст, выканаўца ўласных песень Ала Клемянок. Атмасферу “Паўночных Афін” выступоўца пастаралася стварыць з дапамогай сваіх вершаў і песень, якія аўтар прысвяціла сядзібе і гаспадару гэтага чароўнага гістарычнага куточка нашага краю.

Распачалася імпрэза з музычна-паэтычнага ўступу “Чатыры лясы”, дзе кожны лес сімвалізуе пэўны перыяд жыцця чалавека.

Акрамя вершаў, трыялетаў, рамансаў створаных пад уплывам натхнення ад наведвання сядзібы слыннага грамадскага дзеяча і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, Ала Леанідаўна прачытала паэтычныя творы, прысвечаныя сваёй яшчэ адной малой радзіме – Маладзечаншчыне. Гарачымі апладысментамі дзякавалі гледачы за душэўныя, шчырыя творы. Прадэманстравала выступоўца свой талент парадыста, перакладчыка і нават аўтара музыкі, як да сваіх вершаў, так і да вершаў таленавітага беларускага паэта Мар’яна Дуксы.

Сярод удзельнікаў гэтага займальнага падарожжа ў мінулыя стагоддзі былі сябры паэтэсы па творчаму цэху, пісьменнікі Міхась Казлоўскі, Аляксандр Быкаў, Тамара Аўсянікава. Сябра саюза пісьменнікаў Беларусі, неаднаразовы лаўрэат літаратурных прэмій Аляксандр Быкаў прачытаў вершы, прысвечаныя Але Клемянок. Напрыканцы сустрэчы пад акампанемент гітары прысутныя разам спявалі беларускія песні.