У сядзібе Агінскага адбыўся майстар-клас "Ліпеньскі калейдаскоп"

Музей-сядзіба М.К. Агінскага – чароўнае і атмасфернае месца, якое натхняе творчых людзей на працу. Паэты, пісьменнікі, мастакі вельмі любяць гэтыя мясціны, яны адзначаюць, што Залессе валодае прыцягальнай сілай. На базе музея пастаянна ладзяцца выставы мастакоў і фотамастакоў. Калі мы прыходзім на выставу, то бачым ужо гатовы вынік працы мастака. У залежнасці ад свайго светапогляду, густу, адносін да наваколля, робім для сябе выснову аб тым, што падабаецца, што кранае, а што не!

А як ствараецца карціна? Што адчувае мастак? Якая праца была да таго, як мы ўбачылі канчатковы вынік? Адкрыць таямніцу працы мастака згадзіўся цікавы і таленавіты чалавек, мастак, канструктар-дызайнер Уладзімір Навіцкі. Уладзімір Аляксеевіч сёння жыве ў Залессі, яго выставы ўжо ладзіліся ў сядзібе. І мастак адразу згадзіўся на прапанову музейных супрацоўнікаў правесці майстар-клас “Ліпеньскі калейдаскоп”, прымеркаваны да года малой Радзімы. У майстар-класе прынялі ўдзел госці з ТЦСАН "Цёплы дом" і індывідуальныя наведвальнікі сядзібы.

Уладзімір Аляксеевіч крыху расказаў аб сабе, расказаў аб асноўных тэхніках жывапісу. Нават наладжана была невялічкая выстава, якая дазваляла зразумець, аб чым ідзе расповед. А потым пачалася таямніца! Усе, затаіўшы дыханне, назіралі, як ствараецца карціна. Уладзімір працаваў у адной з самых складанейшых жывапісных тэхнік – акварэлі. Акварэльны жывапіс патрабуе майстэрства валодання пэндзлем, майстэртва бачання тона і колеру, ведання законаў змешвання колераў і нанясення на паперу. Падчас працы мастака ў тэатральна-музычнай зале было ціха-ціха, і толькі гукі музыкі суправаджалі працэс стварэння карціны. Пад умелай рукой мастака ўзнікалі розныя вобразы, і калі ён адлажыў пэндзлі, усе убачылі, што на белым аркушы паперы з’явіліся прыгожыя краявіды! Усе атрымалася! Аб гэтым сведчылі апладысменты гасцей і шматлікія пытанні да мастака. Уладзімір Аляксеевіч нават падараваў свае працы самым актыўным удзельнікам.

Дзякуючы такім мерапрыемствам, людзі становяцца крыху дабрэйшымі, вучацца разумець прыгажосць і цаніць тое светлае, што існуе ў нашым шматгранным свеце!