Музыка карцін Валянціны Ранцэвіч у сядзібе М.К. Агінскага

4 мая ў музеі-сядзібе М.К. Агінскага адбылася прэзентацыя выставы “Колеры роднага краю” Валянціны Ранцэвіч.

Супрацоўнікі музея пазнаёміліся з гэтай прыгожай, таленавітай, разумнай жанчынай на балі ў Залессі некалькі год назад. І так сталася, што гэта цудоўнае знаёмства перарасло ў сяброўства і прывяло да адкрыцця персанальнай выставы. Валянціна Аляксееўна вельмі неардынарны чалавек! Менавіта яна вырашыла на сваім прыкладзе спрадвечную спрэчку фізікаў і лірыкаў! І тыя і другія выдатна ўжываюцца ў адным чалавеку!

Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, аўтар шматлікіх кніг па матэматыцы, і – цудоўныя карціны, вершы, плаванне, танцы, падарожжы! Захапленняў так шмат, што ўзнікае пытанне: як гэта можа сумяшчаць адзін чалавек?! Валянціна Аляксееўна Ранцэвіч нарадзілася ў сям’і служачага ў весцы Верацеі II Віцебскай вобласці Шаркаўшчынскага раёна. З 1954 года сям’я пераехала ў суседняе мястэчка Лужкі, дзе і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады. З маленства ўвабрала прыгажосць роднай зямлі. Захаплялася мастацтвам, кнігамі, сама пісала вершы, якія друкаваліся ў школьнай сценгазеце. У 1965 г. адправіла свой верш ў “Чырвоную змену”. Да 8-га сакавіка верш быў надрукаваны! Пасля заканчэння Лужкоўскай сярэдняй школы са срэбным медалём у 1967 г. паступіла ў БДУ і ў 1972 г., скончыўшы матэматычны факультэт, была накіравана на працу матэматыкам у Інстытут матэматыкі Акадэміі Навук Беларусі, дзе пазней паступіла ў аспірантуру і паспяхова яе скончыла. З 1981 г. перайшла на выкладчыцкую працу ў БНТУ. З 1988 да 2016 гг. працавала дацэнтам кафедры вышэйшай матэматыкі БДУІР. У 1989 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю. Мае 67 навуковых і метадычных друкаваных прац.

Творчая біяграфія пачалася з 1-га студзеня 2000г. У 2002-2003гг. наведвала студыю пры Палацы прафсаюзаў, дзе пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Г.В. Камлюка пазнаёмілася з асновамі жывапісу і графікі! На працягу 2004-2018 гг. удзельнічала ў шматлікіх калектыўных выставах, прайшлі персанальныя выставы у бібліятэцы №12 г. Мінска, у цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Нясвіжа!

На карцінах Валянціны Аляксееўны – прыгажосць роднай прыроды, захапленне тым светам, які стварыў сам Бог! Усе карціны прасякнуты нейкім своеасаблівым светам, дабрыней, радасцю, мудрасцю. Пазнаёміцца з працамі гэтай цудоўнай жанчыны можна ў сядзібе М.К. Агінскага да 30-га чэрвеня 2019 г.