7 красавіка 2017 года прайшла прэзентацыя выставы жывапісу “Трыццаць краявідаў” мастака Аляксандра Грышкевіча.

Музыка карцін Аляксандра Грышкевіча.

     У музеі-сядзібе М. К. Агінскага 7 красавіка 2017 года прайшла прэзентацыя выставы жывапісу “Трыццаць краявідаў” мастака Аляксандра Грышкевіча.

     Аляксандр Мікалаевіч Грышкевіч нарадзіўся ў г. Маладзечна. Прафесійную адукацыю атрымаў у Мінскай мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Праходзіў стажыроўку ў творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры РБ. Вучыўся жывапісу ў Міхаіла Савіцкага. Сябра Беларускага Саюза мастакоў. Удзельнічаў у выставах і пленэрах у Беларусі, Польшчы, Расіі, Велікабрытаніі і шматлікіх іншых. Карціны спадара Грышкевіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і многіх прыватных калекцыях. 

     Аляксандар Грышкевіч часты госць у Залессі, прыязджаў  яшчэ задоўга да рэстаўрацыі, таксама ўдзельнічаў у пленэры “Па мясцінах натхнення”, які прайшоў у 2016 г. У фондах музея знаходзіцца яго карціна.  З прапановай экспанаваць свае працы ў музеі супрацоўнікі  звярнуліся да Аляксандра яшчэ ў мінулым годзе, і вось мара здзейснілася! Трыццаць прац мастака прадстаўлены ў аранжарэі сядзібы. Музыка і цішыня, спакой і ўраўнаважанасць – такія першыя адчуванні выклікаюць працы Аляксандра Грышкевіча. Тыповы беларускі пейзаж з’яўляецца галоўным героем твораў Аляксандра. І калі мастакоў умоўна можна падзяліць на паэтаў і празаікаў, то Аляксандр, безумоўна, паэт. Усе яго працы падобныя на вершы. Глядзіш на пейзажы і неяк супакойваешся, радуешся і здаецца, што ўсё адлюстраванае на карцінах, ты ужо бачыў: і зімовы зачараваны пейзаж, які дыхае незвычайнай цішынёй, спакойным настроем ціхага зімовага дню; і вясновыя, асеннія пейзажы, з іх гучнасцю і ўрачыстасцю. Тое ж і з вершамі: прачытаў, ціхенька прашаптаў і падумаў: я ж гэта ўсё ведаю, усё бачыў, гэта маё! А яшчэ ўспамінаецца дзяцінства, з яго бесклапотнасцю і наіўнасцю, з адкрытасцю і ўменнем радавацца кожнаму дню, кожнай маленькай травінцы.

     Прывітаць мастака сабраліся мясцовыя жыхары, вучні Залескай школы, а таксама госці са Смаргоні, Мінска, Маладзечна і Заслаўя. Таксама прысутнічалі калегі мастака – Галіна Сушко, Таццяна Ласка, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская. Шмат добрых слоў і пажаданняў было сказана ў адрас Аляксандра Грышкевіча. У гонар мастака і ўсіх гасцей прагучаў музычны падарунак ад трыа “Унісон” (ДУА Сольская школа мастацтваў),  кіраўнік Екацярына Сінкевіч (флейта), Алена Шыдук (скрыпка), Вера Шоць (фартэпіяна).

    Сустрэча пакінула добры, цёплы настрой, а музыка прац Аляксандра Грышкевіча закранула самыя светлыя і добрыя пачуцці ў душах прысутных і яшчэ надоўга застанецца з імі.