3 чэрвеня - чарговы дзіцячы баль у сядзібе М.К. Агінскага

Баль! Прыгожае, чароўнае, загадкавае слова! Кожная маленькая дзяўчынка марыць апынуцца на балі! А што ж гэта такое?

Балі - вялікі пласт культуры са сваімі правіламі і законамі. Гэта частка жыцця арыстакратыі, якая мела вялікае значэнне. У сем’ях арыстакратаў гучаў клавікорд, ішло навучанне музыцы і танцам. Музыка і танцы былі часткай дваранскай адукацыі, а балі – школай зносін паміж людзьмі. Балі мелі свае разнавіднасці, у залежнасці ад функцый яны падзяляліся на: прыдворныя, грамадскія, дабрачынныя, сямейныя, дзіцячыя і інш. Да дарослага балю мала было “дарасці”, неабходна было паказаць сябе з найлепшага боку на сваім самым першым вялікім дэбюце. Сямейныя балі, якія праводзіліся з нагоды дня нараджэння, альбо другога свята, былі вельмі добрай пляцоўкай для навучання гэтай навуцы. Безумоўна, на дзіцячых балях прысутнічалі і дарослыя, але выключна з мэтай атрымаць асалоду ад поспехаў сваіх дзяцей. У такім культурным цэнтры, якім было Залессе, безумоўна, ладзіліся балі, у тым ліку і дзіцячыя. А як жа па-іншаму! Гэты дом быў поўны дзіцячых галасоў і смеху! Дзіцячыя балі ў часы М.К. Агінскага былі святам для дарослых і дзяцей і, часцей за ўсё, праходзілі ў прыватных дамах. Дзеці весела танцавалі і гулялі ў розныя гульні. Звесткі пра баль у Вільні пакінула сярод іншых і сучасніца М.К. Агінскага Габрыеля Пузына. Яна апісала малодшую дачку Агінскага Іду ў вяночку з руж і ў сукенцы, абшытай штучнымі ружамі, калі тая прадстаўляла сабой “Вясну”. Балі дазвалялі дзецям арыстакратыі асвоіць азы добрых манер і свецкіх паводзін. Бальны этыкет ўключаў ў сябе адзенне, манеры, паводзіны, эстэтычнае афармленне залы, дзе ён праходзіў.

У сядзібе М. К. Агінскага ў наш час ладзяцца балі не толькі для дарослых, але і для юных прыгажунь і галантных маладых людзей. І гэты год не стане выключэннем. Трэцяга чэрвеня адбудзецца чарговы дзіцячы баль пад назвай “Паўночныя Афіны” і іх маленькія жыхары”. У юных гасцей сядзібы есць унікальная магчымасць пабываць на сапраўдным балі, навучыцца танцаваць танцы 19 ст, адчуць атмасферу і прыгажосць таго часу. Арганізатары балю заўсёды імкнуцца падрыхтаваць для сваіх гасцей цікаваю і насычаную праграму. Баль гэта не толькі забаўляльнае мерапрыемства, гэта свайго роду экскурсія ў другі час, магчымасць дакрануцца да эпохі М.К. Агінскага.