20 красавіка ў сядзібе Агінскага пройдзе прэзентацыя новай кнігі Святланы Немагай “Міхал Клеафас Агінскі: Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя”.

20 красавіка ў 16.00 у сядзібе Агінскага пройдзе першая прэзентацыя свежа выдадзенай кнігі “Міхал Клеафас Агінскі: Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя”. У ёй у беларускім перакладзе прадстаўленая не толькі найбольш вядомая музычна-эстэтычная праца кампазітара, але – упершыню! – фрагменты яго захапляльных музычных успамінаў аб падарожжах па Італіі, Францыі і Турцыі.

Чытачы таксама змогуць пазнаёміцца з лістамі да кампазітара Марыі Шыманоўскай, маркізы Марыі Мартэліні і многіх іншых выдатных знаёмых Агінскага. Прэзентацыя кнігі пройдзе ў форме камернай тэатральнай пастаноўкі, у якой разважаць пра музыку будзе сам Міхал Клеафас Агінскі! Весці дыялог і ўступаць у палеміку з ім будзе яго ўласная Муза. Разам яны выканаюць лепшыя паланэзы, мазуркі і рамансы знакамітага аўтара “Развітання з Радзімай”.

У праграме будзе браць удзел укладальніца і перакладчыца кнігі, музыказнаўца Святлена Немагай.