14 августа 2016 г. "Молодеченская газета"

Рэцэпт поспеху – культура і ініцыятыўнасць 

На тэрыторыі былой сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага адбыўся традыцыйны фестываль «Залессе запрашае сяброў».

Як і ў мінулыя гады, для гасцей свята былі арганізаваны экскурсіі па маёнтку, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрт. Была ў іх магчымасць пакаштаваць традыцыйныя стравы і напіткі, набыць мясцовыя сувеніры… Асаблівасцю мерапрыемства сёлета стаў удзел аграсядзіб, а таксама арганізацый, якія развіваюць турыстычную інфраструктуру рэгіёна.

Маладзечанская мастачка Галіна Сушко (у цэнтры) дорыць прадстаўнікам музея-сядзібы Наталлі Чудакоўскай і Святлане Кенько «пленэрную» карціну.

Жанчыны руляць…

— У Залессі жывуць ініцыятыўныя людзі, неабыякавыя да роднай гісторыі, — гаворыць намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Сяльчанка» Ала Шыцікава. – Дзякуючы ім праводзяцца фестывалі, кірмашы, рэалізуюцца бізнес-праекты. Так, цяпер на тэрыторыі Залескага сельсавета ствараецца спажывецкі кааператыў. «Сяльчанка» разам з замежнымі партнёрамі працуе над стварэннем турыстычнага кластара. На рахунку арганізацыі – удзел у распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця населенага пункта, адкрыццё дзіцячай пляцоўкі, набыццё гістарычных касцюмаў для музея-сядзібы і інш.

 

А. Шыцікава падкрэсліла, што багатае гістарычнае мінулае «Паўночных Афін» (так у часы Агінскага называлі Залессе) спрыяе папулярызацыі мястэчка як у нашай краіне, так і за яе межамі. Залессе стала сапраўдным брэндам. Сюды едуць турысты, творчыя людзі. Праекты, якія рэалізуюцца на базе музея-сядзібы М.К. Агінскага, знаходзяць спонсарскую падтрымку. Адзін з іх – міжнародны пленэр «Па мясцінах натхнення» з удзелам беларускіх і літоўскіх мастакоў, вынікі якога былі падведзены ў час фестывалю. Па словах субяседніцы, «пярвічка» «Сяльчанкі» ў Залессі існуе з 2010 года. Цяпер у яе ўваходзяць каля 40 жыхарак населенага пункта, а таксама суседняй вёскі Амеліна.

Каўбаска «Ад Агінскага»

Павільён аграсядзібы «Гаранскіх» здалёк прыцягваў увагу гасцей фестывалю. Яе гаспадыня Таццяна (дарэчы, чытачка «Маладзечанскай газеты») прапаноўвала прадукты ўласнай вытворчасці: каўбасы, мёд, выпечку, рыбныя стравы, сала, квас… Некаторыя рэцэпты былі папулярныя яшчэ ў часы Агінскага. — За год аграсядзібу наведваюць каля 1200 гасцей, — адзначыла Таццяна. — Людзі спыняюцца, калі падарожнічаюць па мясцінах Агінскага, Багушэвіча або едуць у легендарныя Гальшаны. Шмат турыстаў прыязджае з Расіі, Польшчы. Іх прыцягваюць прыгажосць беларускай прыроды, непаўторны нацыянальны каларыт, мноства помнікаў гісторыі і культуры. Па меркаванні Т. Гаранскіх, чым больш у рэгіёне захавалася памятных мясцін, звязаных з вядомымі гістарычнымі асобамі, тым больш прыцягальны ён для турыстаў. А значыць, тым большую эканамічную выгаду могуць мець мясцовыя жыхары.

І бізнес, і краязнаўства

На стэндзе бізнес-кампаніі Залескай сярэдняй школы шчыльнымі радамі размясціліся сувенірныя магніты, календары, блакноты з выявамі палаца і аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Прадукцыя карысталася вялікім попытам. — Як бачыце, культурная спадчына дапамагае дзецям зарабляць першыя грошы. Школьнікі не проста ствараюць рэгіянальныя сувеніры. Яны цікавяцца мінулым Залесся, імкнуцца захаваць гістарычную спадчыну. Таму я ўпэўнена, што дзеці вырастуць сапраўднымі патрыётамі, — зазначыла кіраўнік бізнес-кампаніі Наталля Гарбачова.

Пераймаем вопыт

Маладзечанская зямля не менш, чым смаргонская, славіцца дзеячамі гісторыі і культуры, а таксама многімі выдатнымі мясцінамі. У нас жылі і стваралі Янка Купала, Максім Багдановіч, Тамаш Зан, Язэп Драздовіч, Міхал Клеафас Агінскі і іншыя. У раёне створаны школьныя бізнес-кампаніі, дзейнічаюць грамадскія арганізацыі, прымаюць гасцей аграсядзібы, працуюць музеі, мастацкія і творчыя калектывы. Наладжванне больш цеснага ўзаемадзеяння паміж імі, несумненна, будзе на карысць Маладзечаншчыне.

Алег БЯГАНСКІ.